НАВІГАЦЫ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,

сетка наземных радыёстанцый, навігацыйных ШСЗ з камандна-вымяральным комплексам і падводных гідраакустычных станцый, па сігналах якіх з дапамогай бартавых сродкаў навігацыі вызначаюць каардынаты месцазнаходжання караблёў, самалётаў і інш. рухомых аб’ектаў. Кожная Н.с. ўключае таксама бартавыя навігацыйныя комплексы, а пры іх адсутнасці — навігацыйныя прылады, якія дазваляюць з высокай дакладнасцю і надзейнасцю вызначаць папраўкі да злічоных каардынат месца і курсу. Існуюць астранавігацыйныя сістэмы (гл. Астранамічная навігацыя), інерцыяльныя (засн. на вызначэнні паскарэнняў аб’екта з дапамогай акселерометраў і па гэтых даных — месцазнаходжання, курсу, скорасці і інш. параметраў), касмічныя (гл. Міжнародныя касмічныя навігацыйныя сістэмы), радыёнавігацыйныя сістэмы. С.А.Гаршкоў, П.М.Шумскі.

т. 11, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)